Музычнай школе – 50

Напрыканцы мінулага тыдня прымалі гасцей і сардэчныя віншаванні з нагоды 50-годдзя заснавання дзіцячай школы мастацтваў яе настаўнікі і кіраўніцтва.
Ужо ад парога раённага Дома культуры адчуваўся настрой, гучалі лірычныя мелодыі, у паветры разносіўся магічны пах святочнага парфуму. Кветкі і ўсмешкі, лёгкае хваляванне ад сустрэчы з мінулым луналі ў аўдыторыі, сэрца ахапіла шчымлівае пачуццё ўзнёсласці і прадчування нечага таямнічага. Цёплыя абдымкі і поціскі рук дасталіся ў той дзень усім, хто меў прамое дачыненне да юбілейнай даты. На сцэну для прывітальнага слова падняліся начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вадзім Крупенькін, дырэктар ДЮСШ Ірына Карнеенка, дырэктар гісторыка-этнаграфічнага музея Іван Ткачук. Юбіляраў адзначылі ганаровымі граматамі, а выпускнікі гэтага года атрымалі пасведчанні аб завяршэнні вучобы. Выказаць павагу і раздзяліць прыемныя хвіліны ўрачыстасці прыйшлі сябры, калегі, колішнія вучні, сярод якіх адна з выхаванцаў Ліліі Аляксандраўны Пярынскай – Вольга Лімантава, якая прыціснула да сэрца сваю любую настаўніцу і ад душы адарыла яе каштоўным сувенірам. Старшыня райкама работнікаў прафсаюза Ганна Туравец таксама некалі вучылася ў ДШМ, а потым выкладала там жа ўрокі музыкі 10 гадоў запар. З вялікай удзячнасцю Ганна Андрэеўна запрасіла да ўзнагароды Ганну Піліпенка і Лілію Пярынскую і ад імя грамадскага аб’днання ўручыла каляжанкам граматы за шматгадовую плённую працу. Знайшлі магчымасць далучыцца да агульнага лікавання таксама былыя работнікі і кіраўнікі ўстановы адукацыі. Апладысментамі сустракала зала Васіля Аляксандравіча Ананчыкава, Лілію Міхайлаўну Вадзюціну, Людмілу Анатольеўну Кузняцову і іншых.
Педагагічны калектыў за шмат гадоў з’яднаўся і стаў дружнай згуртаванай сям’ёй. Пажаданні творчых поспехаў, таленавітых вучняў, асабістага шчасця і дабрабыту прагучалі ў той вечар імяніннікам. З юбілеем, школа!
Валянціна ПРАНКЕВІЧ (“Чачэрскi веснiк»)

Темы:
02.06.2017