Радкі, якія ідуць ад шчырага сэрдца

У Рассветаўскім культурна-спартыўным цэнтры адбыўся творчы вечар Сяргея Баравога. Ён піша вершы, спявае песні, іграе на гармоніку – талент жыхара агарарадка Рассвет шматгранны. Прафесійная дзейнасць Сяргея – працуе лесніком у мясцовым лясніцтве – на першы погляд не звязана з творчасцю. Але менавіта родныя краявіды, прыгажосць прыроды спрыяюць нараджэнню радкоў, якія ідуць ад шчырага сэрца, напоўнены любоўю да свайго краю, да людзей, што жывуць побач. Дарэчы, і творчы вечар так і называўся “З любоўю да вас, землякі!”.
Нарадзіўся і вырас Сяргей Баравы ў невялічкай вёсцы Слабодка. Зараз са сваёй сям,ёй жыве ў Рассвеце. Маюць з жонкай Таццянай траіх дзяцей: старэйшая дачка Карына ўжо дарослая, выйшла замуж, жыве ў Бабруйску, малодшыя Наталля і Аляксандр вучацца ў мясцовай установе адукацыі. Родным вёскам аўтар прысвяціў вершы, кожны радок якіх падкрэслівае вялікі гонар за сваю малую радзіму:
…Глыбока заселі мае карані,
Адсюль нікуды не паеду.
Героі свае ў гэтай вёсцы былі –
Пінчук і Сяргей Карагедаў.
А колькі ж тут талентаў
выйшла ў свет!
Я імі штодня ганаруся,
Я ганаруся вёскай Рассвет,
Што ёсць яна на Беларусі.
Паняцці «радзіма» і «маці» непадзельныя. Шчырыя словы падзякі выказаў Сяргей Баравы самаму роднаму і блізкаму чалавеку – сваёй маці Ефрасінні Якаўлеўне, якая таксама прысутнічала на мерапрыемстве:
Мая ласкавая матулечка, матулька,
Адзіная на свеце ты ў мяне,
Гаворыш мне:
“Шчаслівым будзь, сынулька!”
Ты ўсё жыццё аддала за мяне.
Я гэтага ніколі не забуду,
Прашу цябе: жыві, жыві даўжэй,
І за цябе маліць я Бога буду,
Няхай анёл цябе твой беражэ.
Падчас творчага вечару гучалі вершы, якія аўтар прысвяціў сваім сябрам з Чырвонабярэжскага тэхнікума, Акцябрскаму лясгасу, раённай газеце. Як сапраўднаму паэту, творчасці Сяргея Баравога ўласціва шматграннасць: ёсць у яго арсенале любоўная лірыка, вершы-звароты до Бога, філасофскія разважанні аб жыцці, аб прызначэнні чалавека на зямлі:
Куда лететь, чтоб долететь,
Паря над грешною землею,
Лететь, чтоб многое успеть,
И быть всегда самим собою?
Куда смотреть,
чтоб видеть свет
И не найти в любви презренья,
Чтоб видеть мать,
встречать рассвет
И видеть радость поколений?
Дружнымі і гучнымі апладысментамі гледачы сустракалі песні ў выкананні Сяргея Баравога, а таксама работнікаў Рассветаўскага культурна-спартыўнага цэнтра Ігара Дземенкаўца, Мікіты Якімовіча, Алены Ліхашапка, Святланы Галавачэнка. Музычны нумар свайму бацьку падарыла дачка Наталля, актыўная ўдзельніца дзіцячага фальклорнага калектыву «Цярэшкавы шчодрыкі».
Увесь вечар у адрас аўтара ад сяброў, землякоў, калег гучалі сардэчныя пажаданні творчых поспехаў у будучым.
Старшыня Пратасаўскага сельвыканкама Людміла Вежнавец аб,явіла Сяргею Баравому падзяку за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.
Калектыў раённай газеты таксама зычыць аўтару творчага плёну, натхнення, новых вершаў.
Дарэчы Сяргей Баравой - удзельнік раённага этапу рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу "Новыя імены Беларусі - 2016", за актыўную творчую дзейнасць і значную дапамогу ў правядзенні мерапрыемстваў, якія маюць важнае значэнне для развіцця прафсаюзнага руху ў Акцябрскім раёне, ён адзначаны граматай Акцябрскага раённага аб'яднання прафсаюзаў у рамках правядзення Тыдня прафсаюзнай культуры.
Спадзяёмся, што ў будучым зможам патрымаць у руках не адзін зборнік твораў Сяргея Баравога.
Поспехаў!

Темы:
29.05.2017